ВАЛАСО́Ў ХВАРО́БЫ , агульныя або мясцовыя парушэнні росту і развіцця валасоў, выкліканыя паталагічным уздзеяннем вонкавых ці ўнутр. фактараў. Выяўляюцца заўчасным выпадзеннем (гл. Аблысенне) або празмерным развіццём валасянога покрыва (гл. Гіпертрыхоз), зменамі структуры і ўласцівасцяў валасоў (ломкасць, сухасць, расшчапляльнасць і інш.). Узнікаюць ад парушэння абмену рэчываў, функцый нерв. і эндакрыннай сістэм, уздзеяння фіз. фактараў (мех., тэмпературных, хім.), інфекц. і грыбковых скурных хвароб (мікраспарыя, себарэя, трыхафітыя, фавус і інш.), няправільнага догляду і інш.

Да анамалій росту і развіцця валасоў адносяцца абмежаваная сіметрычная алатрыхія валасяной ч. галавы (ачагі стончаных, бясколерных, спіральна закручаных валасоў пасярод нармальных), прыроджаная алапецыя (поўная адсутнасць валасоў у дзяцінстве), урослыя, кольчатыя, перакручаныя, плоскія, раздвоеныя, пучкаватыя валасы, манілетрыкс (спадчынная дыстрафія валасоў), трыхіяз (анамалія росту вейкаў — яны загінаюцца да рагавіцы вока і траўміруюць яе) і інш. Сярод інш. валасоў хвароб нярэдкія алапецыі заўчасная, ачаговая і сімптаматычная з характэрнымі для кожнай варыянтамі выпадзення валасоў, заўчаснае пасівенне (парушаны абмен пігментаў валасоў), розныя віды трыхаклазіі (дыстрафічныя змены валасоў, якія выяўляюцца іх павышанай ломкасцю) і інш. Дыягназ валасоў хвароб ставяць на падставе клінічных прыкмет і мікраскапіі пашкоджаных валасоў. Лячэнне залежыць ад прычыны захворвання, спалучаецца з пэўнай схемай гігіенічнага догляду валасоў.

М.З.Ягоўдзік.

т. 3, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)